Перамога «Салідарнасці» на чале з Лехам Валэнсам і разгром камуністычнага рэжыму паклалі пачатак новай палітычнай эпохі. Гэтыя падзеі не толькі змянілі ўнутраную структуру Польшчы, але і падштурхнулі дэмакратычныя змены ва ўсім рэгіёне. 4 чэрвеня — не проста дата, а сімвал грамадзянскай мужнасці, надзеі і вяртання да дэмакратыі.
4 чэрвеня 1989 года ў Польшчы адбыліся парламенцкія выбары, арганізаваныя на падставе дамоўленасцяў, дасягнутых падчас перамоваў так званага Круглага стала паміж прадстаўнікамі дэмакратычнай апазіцыі, ачоленай прафсаюзам «Салідарнасць», і камуністычнымі ўладамі ПНР, у тым ліку кіраўніцтвам спецслужбаў.
Гэта былі першыя пасляваенныя часткова свабодныя выбары ў Сейм і цалкам свабодныя выбары ў адноўлены Сенат, які быў скасаваны ў выніку сфальсіфікаванага рэферэндуму 1946 года, вядомага пад камуністычным агітацыйным лозунгам «Тры разы так».
Парламенцкія выбары 4 чэрвеня 1989 года
Легендарны прафсаюз «Салідарнасць» на чале з Лехам Валэнсам атрымаў трыумфальную перамогу на выбарах 4 чэрвеня 1989 года. Палякі рашуча выказаліся за перамены і перадачу ўлады дэмакратычнай апазіцыі.
Прафесар Анджэй Пачкоўскі, гісторык, адзначыў, што выбары 4 чэрвеня сталі паваротным момантам у аднаўленні поўнай свабоды Польшчы. Паводле гісторыка, вынікі галасавання адлюстравалі рэальныя грамадскія настроі і сталі выразным сігналам для камуністаў:
— Яны былі адказам грамадства на прапановы Круглага стала. Калі пачынаецца будаўніцтва дэмакратыі, думка грамадства — найважнейшая. І ўсе іншыя павінны з гэтым лічыцца. У выніку поўнага краху рэжыму, ПАРП страціла не толькі права кіраваць, але і існаваць як палітычная сіла.
Паводле дамоўленасцей, дасягнутых на Круглым стале, камуністы пагадзіліся, каб 35% месцаў у Сейме (161 мандат) былі абсаджаныя ў вольных выбарах. Астатнія месцы (299) былі зарэзерваваныя за правячымі элітамі. Тым часам выбары ў Сенат праводзіліся на поўнасцю свабоднай аснове, што і забяспечыла апазіцыі перамогу — 99 з 100 мандатаў.
Ані апазіцыя, ані камуністычная ўлада не чакалі такога разгромнага выніку для апошняй. Пасля правалу спісу камуністаў унутры ПАРП гучалі заклікі ануляваць выбары, але пераважылі галасы за кампраміс. Яшчэ да падвядзення канчатковых вынікаў Лех Валэнса звярнуўся да грамадства:
— Мы адкрылі дзверы надзеі і свабоды. Але што будзе далей — залежыць ад вас.
Выбарчыя выступленні апазіцыі мелі велізарны поспех: яны былі дынамічнымі, зразумелымі і шчырымі — поўная супрацьлегласць афіцыйнай дзяржаўнай рыторыцы.
Казімеж Войцех Чапліцкі, кіраўнік Дзяржаўнага выбарчага бюро (памёр у 2018-м), у інтэрв’ю Польскаму радыё ў 2009 годзе ўспамінаў, як у ноч падліку галасоў было шмат няпэўнасці і здзіўлення. Упершыню пасля вайны апазіцыя брала ўдзел у падліку галасоў на роўных умовах з камуністамі:
— Гэта была вельмі цяжкая ноч. Памятаю, як чальцы камісіі ад «Салідарнасці» правяралі дадзеныя самастойна, супастаўлялі пратаколы і падлікі, зробленыя супрацоўнікамі Нацбанку, менавіта яны адказвалі за падліку у выбарчых камісіях і ў ЦВК. Ніякай электронікі тады не было — усё ўручную.
Выбары 4 чэрвеня 1989 года сталі ключавым пунктам у працэсе дэмакратычнай трансфармацыі не толькі Польшчы, але і іншых краін Усходняй Еўропы. Першыя цалкам свабодныя парламенцкія выбары ў Польшчы адбыліся пазней — 27 кастрычніка 1991 года.
З нагоды Дня свабоды і грамадзянскіх правоў, які ў Польшчы адзначаецца менавіта 4 чэрвеня, па ўсёй краіне ладзяцца памятныя мерапрыемствы. У Гданьску, на Плошчы Салідарнасці, удзел у іх традыцыйна прымаюць Лех Валэнса, міністр культуры і нацыянальнай спадчыны Ганна Урублеўска і мэр горада Аляксандра Дулькевіч:
— 36 гадоў таму былі два шляхі: кітайскі, як на плошчы Цяньаньмэнь, або наш — складаны, недасканалы, але дэмакратычны. Менавіта гэта мы ўшаноўваем 4 чэрвеня, і ўжо шосты год запар запрашаем усіх на Плошчу Салідарнасці — на ўзняцце сцяга, выкананне гімнаў і прамовы сведак той гісторыі.
Палітолаг і гісторык прафесар Антоні Дудэк у сваіх навуковых працах, прысвечаным тым выбарам адзначаў, што перадвыбарчая кампанія апазіцыі была выбітнай. Выкарыстанне выявы Леха Валэнсы на плакатах — выдатны маркетынгавы крок, бо многіх кандыдатаў грамадства не ведала, а Валэнса быў сімвалам. Вялікае значэнне мела і падтрымка вядомых польскіх артыстаў, а таксама замежных — Джэйн Фонды, Іва Мантана, Сціві Уандэра.
У краіне, дзе выбары на працягу дзесяцігоддзяў былі фармальнасцю, трэба было хутка навучыць людзей, як галасаваць правільна, каб голас быў залічаны.
— Менавіта 4 чэрвеня мільёны палякаў, узяўшы ў рукі выбарчую картку, нанеслі смяротны ўдар камуністычнай дыктатуры. Гэтыя выбары былі вырашальным крокам да падзення рэжыму і нараджэння Трэцяй Рэчы Паспалітай.
Слухайце аўдыё!
эж